Вялікае Княства Літоўскае ў еўрапейскай і беларускай гісторыі

Як паўстала Вялікае Княства Літоўскае?
На сённяшні дзень не выпрацавана адзінай агульнапрызнанай канцэпцыі пачаткаў ВКЛ. Дыскутуюцца, па меншай меры тры версіі: летувацэнтрычная, беларусацэнтрычная і біэтнічная. Пра іх будзе гаворка, але пакуль – факты.
Месца і прычыны ўзнікнення ВКЛ
Вялікае Княства Літоўскае ўзнікла каля сярэдзіны 13 ст. у басейне Верхняга і сярэдняга Нёмана, дакладней, у рэгіёне пад назвай “Літва”, (у гістарыяграфіі называецца “Уласна Літвой” або гістарычнай Літвой, складаецца з сённяшніх: Наваградчыны, Гарадзенчыны, Віленшчыны і заходняй часткі Меншчыны).
Узнікненне новай дзяржавы можна акрэсліць як Адказ на Выклік гісторыі, сфармуляваны ў выглядзе некалькіх важных падзеяў, якія парушылі ўсталяваны лад у Літве, прынеслі пачуццё рэальнай пагрозы і зрабілі немагчымым працяг ранейшага эвалюцыйнага развіцця. У парадку чарговасці гэта былі: 1. З’яўленне і актыўная экспансія нямецкіх энклаваў ва Усходняй Прыбалтыцы ў канцы XII – першых дзесяцігоддзях XIII ст. (у Інфлянтах і Прусіі). 2. Пагром паўднёвай і усходняй Русі мангола-татарамі ў 1238 – 1240 г.
На гэты час Панямонне (Літва) уяўляла сабой зону змешанага балта-славянскага насельніцтва, у якой гарадскія цэнтры: Наваградак, Гародня, Ваўкавыск, Слонім былі славянскімі (з летапісу вядома пра Гарадзенскае, Наваградскае, Слонімскае, Ваўкавыскае княствы), а вясковая ваколіца складалася як са славянскіх так і балцкіх паселішчаў. У рускіх летапісах гэтая тэрыторыя мела назву “Літва” (ад адной з балцкіх земляў на паграніччы, падобна як ад пагранічных земляў атрымалі свае назвы Прусія і Лівонія).
У 1238 – 1240 г. уся паўднёвая і паўночна-ўсходняя Русь была зруйнаваная мангола-татарамі. Татарская навала знішчыла існуючыя там дзяржавы, перасекла традыцыйныя гандлёвыя шляхі. Пагроза з паўднёвага ўсходу пастаянна адчувалася і на Панямонні. Акрамя таго, знешняя небяспека пагражала з поўначы і з захаду: немцы з пачатку 13 ст. усталяваліся ў ніжнім цячэнні Дзвіны. Тэўтонскі ордэн, заваяваўшы Прусію, з 1283 г. распачаў актыўную агрэсію на Панямонне. На чатыры дзесяцігоддзі раней, у 1245 г., Ордэн атрымаў ад імператара прывілей на валоданне будучымі тэрытарыяльнымі набыткамі ў Літве.
Як і калі пачыналася дзяржава
Пачаткам новай дзяржавы (ВКЛ) на Панямонні стаў прыход на княжанне ў Наваградак балцкага князя Міндаўга, які адбыўся каля 1248 г. Невядома дакладна якім чынам Міндаўг усталяваўся ў Наваградку. Ад XIX ст. у гістарыяграфіі замацавалася версія (летувацэнтрычная) заваёвы Міндаўгам Наваградка і іншых беларускіх гарадоў Панямоння і далучэння іх да раннефеальнай літоўскай дзяржавы, аб’яднаўшай у канцы XII – пачатку XIII ст. усе літоўскія землі.
Альтэрнатыўную версію генезы ВКЛ (беларускацэнтрычную) прапанаваў беларускі гісторык Мікола Ермаловіч у 80-я г. XX ст. Паводле Ермаловіча, Міндаўг быў прыняты на службу наваградчанамі як князь-ізгой, пацярпеўшы паразу ў Літве і ўцёкшы ў Наваградак (выразная аналогія з Даўмонтам – князем пскоўскім). Атрымаўшы ад наваградчанаў грошы і войска, Міндаўг заваяваў для іх Літву, якую Ермаловіч бачыў востравам балцкага насельніцтва ў беларускім этнічным абшары.
Абедзве гэтыя версіі не маюць прамога пацверджання ў пісьмовых крыніцах, акрамя таго яны знаходзяцца ў супярэчнасці з вынікамі спецыяльных даследаванняў працэсу балта-славянскіх кантактаў. Традыцыйная “балцкая” канцэпцыі генезы ВКЛ, гэтаксама як і тэорыя Ермаловіча грунтуецца на тэзе балта-славянскай канфрантацыі (розніца толькі ў акрэсленні пераможцы), а шматгадовыя комплексныя даследаванні, праведзеныя лінгвістамі, археолагамі, этнографамі, даказалі агульны мірны характар балта-славянскіх кантактаў. Пісьмовыя крыніцы не зафіксавалі выпадкаў міжэтнічных канфліктаў балцкіх і славянскіх насельнікаў Панямоння, гэтаксама як і прысутнасці балцкай (літоўскай) дзяржавы да прыходу Міндаўга ў Наваградак. Таксама невядома ніводнага выпадку ўзброенага прыходу (а толькі па запрашэнні) балцкага князя на стол рускага горада ў XII – XIII ст.
Біэтнічная канцэпцыя
Па ўсёй верагоднасці, пачаткам дзяржавы стаў саюз двух галоўных палітычных сілаў у Панямонні: беларускіх гарадоў-дзяржаў і мацнейшых правадыроў балцкіх плямёнаў, а дакладней, саюз багацейшага горада рэгіёна – Наваградка з мацнейшым балцкім кунігасам Міндаўгам (біэтнічная канцэпцыя стварэння ВКЛ).
Паводле бліжэйшых аналогій (крыніцамі апісаныя факты прыходу іншых князёў балцкага паходжання на сталы ўсходнеславянскіх гарадоў-княстваў: Даўмонт у Пскове – 1265 г., Таўцівіл у Полацку – між 1258 – 1262 г.) можна меркаваць, што, верагодна, мела месца запрашэнне Міндаўга на наваградскі стол ў якасці служылага князя. Адбылося гэта каля 1248 г.; да гэтага года адносіцца першае сведчанне летапісу пра існаванне саюза Наваградка з Міндаўгам. Менавіта, падчас першай вайны новай дзяржавы галіцка-валынскае войска зімой 1249-1250 г. пайшло супраць Міндаўга на Наваградак.
Адсюль вынікае, што ВКЛ пачыналася як біэтнічная балта-славянская ці, па сённяшняй тэрміналогіі, летувіска-беларуская дзяржава.
Iншыя лекцыi курсу
МЭТЫ КУРСА
Асноўная мэта курса: прадстаўленне месца і значэння сярэднявечнай і новачаснай дзяржавы пад назвай “Вялікае Княства Літоўскае” ў агульным кантэксце еўрапейскай і беларускай гісторыі.
Па паспяховым сканчэнні курса яго ўдзельнікі набудуць веды:
- пра генезіс дзяржавы ў параўнанні з іншымі краінамі Цэнтральна-Усходняй Еўропы
- пра асаблівасці і складанасці развіцця дзяржавы ва ўмовах цывілізацыйнага памежжа
- пра дзейнасць ВКЛ у якасці фарпоста еўрапейскай цывілізацыі
- пра месца ВКЛ у гісторыі Беларусі
-
Лекцыі і тэсты
-
Як паўстала Вялікае Княства Літоўскае?
-
Чыёй дзяржавай было ВКЛ?
-
Ці існавала ў ВКЛ праблема цывілізацыйнага выбару?
-
Якая рэлігія дамінавала ў ВКЛ?
-
Тэст па выніках першай паловы курса
-
Якое месца ВКЛ у сярэднявечнай і новачаснай Еўропе?
-
Як звязаны з ВКЛ “залаты век” беларускай культуры?
-
Чаму Вільня прайграла Маскве?
-
Якое месца ВКЛ у беларускай гісторыі?
-
Тэст па выніках другой паловы курса
-
-
Лекцыі і тэсты
-
Як паўстала Вялікае Княства Літоўскае?
-
Чыёй дзяржавай было ВКЛ?
-
Ці існавала ў ВКЛ праблема цывілізацыйнага выбару?
-
Якая рэлігія дамінавала ў ВКЛ?
-
Тэст па выніках першай паловы курса
-
Якое месца ВКЛ у сярэднявечнай і новачаснай Еўропе?
-
Як звязаны з ВКЛ “залаты век” беларускай культуры?
-
Чаму Вільня прайграла Маскве?
-
Якое месца ВКЛ у беларускай гісторыі?
-
Тэст па выніках другой паловы курса
-