Сучасная дыстанцыйная і бізнес-адукацыя

МВА як адукацыйны феномен
Амаль кожны, хто цікавіўся магчымасцю дадатковай паслядыпломнай адукацыі ў сферы бізнесу і кіравання, чуў пра МВА. МВА – гэта абрэвіятура з англійскай Master of Business Administration (магістр бізнес-кіравання).
Праграмы МВА маюць асаблівы статус як у бізнесе, так і ў вышэйшай адукацыі. У бізнесе гэта хіба адзіная адукацыйная кваліфікацыя, якая мае нейкую вагу ці прызнанне ўзроўню кіраўнічых кампетэнцый. У кантэксце вышэйшай адукацыі МВА разглядаюць як бадай самую прэстыжную і даражэйшую адукацыйную праграму. У чым жа сакрэт МВА? У гэтай міні-лекцыі я паспрабую адказаць на гэтае пытанне.
МВА ў лічбах
Пачну з лічбаў, якія штогод збірае GMAC – Graduate Management Admissions Council (Савет па справах прыёму студэнтаў на праграмы паслядыпломнага навучання ў галіне менеджменту). Менавіта гэтая арганізацыя займаецца распрацоўкай і правядзеннем тэстаў, паводле якіх шматлікія праграмы МВА і выбіраюць сваіх будучых слухачоў. Згодна з дадзенымі за 2015 год, 78 працэнтаў з 12 000 студэнтаў з розных краінаў свету, якія зарэгістраваліся на партале mba.com, назвалі хаця б адной з сваіх мэтаў навучанне на адной з праграмаў МВА.
Цікава, што амаль дзве траціны, або 66 працэнтаў, рэспандэнтаў, якія разглядалі магчымасці навучання на МВА за межамі сваёй краіны, выбралі праграмы ў Злучаных Штатах. Вялікая Брытанія і Канада з 5 і 6 працэнтамі патэнцыйных студэнтаў значна адстаюць – знаходзяцца на другім і трэцім месцах.
Чыннікі поспеху МВА
Чым жа адрозніваюцца праграмы МВА ад іншых праграмаў бізнес-адукацыі, пра якую я распавядаў у сваёй іншай міні-лекцыі?
Па-першае, МВА можна назваць амерыканскай з’явай – першыя праграмы МВА з’явіліся менавіта ў Злучаных Штатах. Першая праграма Master of Science in Commerce (магістр камерцыі), папярэднік МВА, была прапанаваная ў 1900 годзе ў Tuck Business School, бізнес-школе аднаго з самых прэстыжных універсітэтаў ЗША. Амерыканская сістэма адукацыі ў значнай ступені арыентаваная на практычнае выкарыстанне ведаў, таму з самага пачатку праграмы МВА былі арыентаваныя на кіраўнікоў-практыкаў, якія маюць досвед працы і нейкі жыццёвы досвед.
Па-другое, у метадалогіі праграм МВА таксама ёсць асаблівасці. Асаблівую ролю ў развіцці МВА адыграла Гарвардская школа бізнесу, дзе з першага дзесяцігоддзя 20-га стагоддзя пачаў развівацца так званы кейсавы метад выкладання. Кейсамі можна назваць невялічкія праблемныя сітуацыі з рэальнага бізнесу ці фіктыўныя сітуацыі, якія нагадваюць рэальныя бізнес-праблемы. На аснове кейсаў слухачы распрацоўваюць варыянты рашэнняў, выкарыстоўваючы веды і навыкі з розных функцыянальных дысцыплін, якімі яны авалодваюць на праграмах МВА.
Досыць часта гэта адбываецца ў інтэграцыйным блоку ў канцы праграмы, калі слухачы працуюць над апошнім праектам, тэматыка якога таксама досыць блізкая да рэальных бізнес-праблем. Паралельна з дысцыплінамі, якія разглядаюць функцыянальныя аспекту бізнесу (напрыклад, маркетынг ці кіраванне аперацыямі), у шмат якіх праграмах МВА ёсць і блок аналітычных курсаў, напрыклад статыстычны ці колькасны аналіз дадзеных.
Трэці фактар – гэта, я мяркую, прэстыж. Сёння ёсць мноства рэйтынгаў праграмаў МВА, якія складаюцца на аснове шэрагу паказчыкаў. Не ўсе з іх маюць дачыненне толькі да акадэмічнага ўзроўню праграмы – напрыклад, рэйтынг FT Global MBA Rating (рэйтынг глабальных праграм МВА брытанскай газеты Financial Times) улічвае такія фактары, як прасоўванне па кар’ернай лесвіцы ці заробак выпускніка праграмы праз 3 гады па яе сканчэнні. Менавіта рэйтынг, а таксама наяўнасць трох асноўных акрэдытацый (амерыканскай AACSB, брытанскай AMBA i еўрапейскай EQUIS) вызначаюць прэстыж праграмы.
Нягледзячы на тое, што трапіць на навучанне ў найлепшыя праграмы МВА, кшталту Гарварда, няпроста, бо канкурэнцыя пры паступленні вельмі сур’ёзная, а кошт праграмы можа перавышаць 100 000 даляраў, большасць патэнцыйных слухачоў праграм МВА хочуць вучыцца на як мага больш прэстыжнай праграме.
Высновы
У выніку мы з вамі ўбачылі, што цэлы шэраг фактараў паўплываў на развіццё і асаблівы статус МВА. Гэта і асаблівасці гістарычнага развіцця, і практыка-арыентаванасць, і метадалагічная разнастайнасць, і акцэнт на развіццё разнастайных навыкаў у працэсе навучання. Таксама прэстыж праграмаў МВА і статус выпускнікоў, без сумневу, маюць уплыў на іх статус – шматлікія кіраўнікі буйных кампаній і нават адзін з прэзідэнтаў ЗША маюць ступень МВА.
Ці можна сказаць, што праграмы МВА карысныя толькі для амерыканскага бізнесу? МВА даўно стала глабальным феноменам, і шматлікія праграмы ў Еўропе і іншых частках свету адаптавалі змест і метадалогію праграмаў пад свой кантэкст. З’явіліся дзясяткі праграмаў МВА і ў Расіі, і ў іншых суседніх з Беларуссю краінах, а з імі і іх рэйтынгі. З’явіліся праграмы МВА і ў Беларусі, пра што ў сваёй лекцыі распавядзе мой калега Радзівон Марозаў, а сам факт іх з’яўлення ў беларускім кантэксце сведчыць пра іх патэнцыйную карыснасць.
Ну, а з дапамогай MOOC (пра якія я распавёў у адной з сваіх іншых міні-лекцый), якія размяшчаюць фрагменты нават самых прэстыжных праграмаў МВА анлайн, паспрабаваць, што такое навучанне на МВА, можаце і вы самі – патрэбныя толькі час, матывацыя і, галоўнае, жаданне.
Iншыя лекцыi курсу
МЭТЫ КУРСА
Сфармаваць уяўленне пра дыстанцыйную адукацыю, сітуацыю ў бізнес-адукацыі ў Беларусі і замежжы, ейных тэндэнцыях развіцця і перспектывах навучання для беларусаў. Чакаецца, што па выніках праходжання курса слухачы будуць здольны арыентавацца ў прынцыпах, формах, метадах дыстанцыйнай і бізнес-адукацыі, а таксама ролі бізнес-адукацыі для адкрыцця і кіравання бізнесам. Значная частка курса прысвечана міжнароднаму досведу.
Пасля паспяховага сканчэння курса ўдзельнікі таксама будуць:
- Мець лепшае разуменне дыстанцыйнай і бізнес-адукацыі, як з пункту
гледжання гістарычнага развіцця, так і іх сучаснага стану - Разумець сутнасць прадпрымальніцтва і ролі ўніверсітэтаў
у фармаванні прадпрымальніцкай культуры - Мець веды пра магчымасці для атрымання бізнес-адукацыі за мяжой
- Разумець, як бізнес-адукацыя дапамагае зрабіць першыя крокі
ў бізнесе - Мець сфармаваныя навыкі крытычнага аналізу для далейшага
самастойнага вывучэння тэм, якія кранае курс.
-
Лекцыі і тэсты
-
Дыстанцыйная адукацыя – пачаткі, перыяды развіцця і ўплыў інтэрнэту
-
Анлайн-адукацыя другога дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя – канец традыцыйных формаў адукацыі?
-
Заходняя бізнес-адукацыя: гістарычныя карані, асноўныя рысы і змены на пачатку 21-га стагоддзя
-
МВА як адукацыйны феномен
-
Тэст па выніках першай паловы курса
-
Ці можна навучыць прадпрымальнасці? Прадпрымальнiцкi унiверсiтэт
-
Формы сучаснай бізнес-адукацыі ў Беларусі
-
Беларуская бізнес-адукацыя і магчымасці за мяжой
-
Як пачаць свой бізнес у Беларусі?
-
-
Лекцыі і тэсты
-
Дыстанцыйная адукацыя – пачаткі, перыяды развіцця і ўплыў інтэрнэту
-
Анлайн-адукацыя другога дзесяцігоддзя 21-га стагоддзя – канец традыцыйных формаў адукацыі?
-
Заходняя бізнес-адукацыя: гістарычныя карані, асноўныя рысы і змены на пачатку 21-га стагоддзя
-
МВА як адукацыйны феномен
-
Тэст па выніках першай паловы курса
-
Ці можна навучыць прадпрымальнасці? Прадпрымальнiцкi унiверсiтэт
-
Формы сучаснай бізнес-адукацыі ў Беларусі
-
Беларуская бізнес-адукацыя і магчымасці за мяжой
-
Як пачаць свой бізнес у Беларусі?
-